Балгарская мова

Таццяна Анікеенка
выпускніца славянскага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ



Даўно-даўно ў далёкай-далёкай галактыцы сфарміравалася мова, імя якой — балгарская. Належала яна да слаўнай групы славянскіх моў і невядома, як склаўся б яе лёс, калі б у адзін чорны дзень тэрыторыю, дзе буяла і квітнела мова, не захапіла магутнае племя туркаў-іншаверцаў. Пяцьсот год трывала мова турэцкі гнёт, мужна трымаючы аблогу. Змагалася з навалай праверанымі сродкамі: кісламалочнай палачкай з прыгожай і амаль славянскай назвай Lactobacillus bulgaricus, супам з кіслага малака, агуркоў і часнаку, з не менш мілагучнай назвай Таратор, карагодамі, за якімі замацавалася імя Хоро, а таксама сіламі сваіх верных змагароў Габраўцаў.

І аднойчы напрыканцы 19 стагоддзя — бах! — апынулася, што пяць соцень год мінулі і балгарская мова зноў роўная сярод роўных. Але гэта была ўжо зусім не тая чыстакроўная славянка, што пяцьсот год таму. Як нам стала вядома з рассакрэчаных турэцкіх архіваў, у балгарскую мову былі ўкаранёныя шматлікія турэцкія шпіёны з атрадаў Суфіксаў і Лексем.

Але гэта «кветачкі» ў параўнанні з тым, што самастойна выспела ў мове за гэты працяглы час. Аб’ём балгарскай справы складае дваццаць сем тамоў, але да ўвагі слухачоў мы прапануем толькі самыя шакуючыя падрабязнасці:

  • Што здарылася з Ъ, калі цяпер гэтая літара стала распачынаць словы?
  • Як жыве мова без склонаў?
  • Шок! У выніку вар’яцкіх моўных эксперыментаў некаторыя словы балгарскай мовы сталі муціраваць! (галоўныя героі — мостът, морето і столицата)
  • Дзевяць часоў. Навошта?
  • Як лёгкім рухам рукі дзевяць часоў ператвараюцца ў васямнаццаць? Невыказны пераказны лад.
  • Як навучыцца сядзець на двух крэслах: славянскім і балканскага моўнага саюзу?

Мы паднялі архівы, атрымалі доступ да сакрэтных запісаў і цяпер гатовыя распавесці свету праўду пра балгарскую мову.

Ніякіх жартаў.

Ніякіх баніц.

Ніякага харо.

Усё занадта сур’ёзна.

Гэта павінен ведаць кожны. Чакаем вас.

Пока не указано иное, содержимое этой страницы распространяется по лицензии Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 License