Альгерд Бахарэвіч
пісьменьнік
Бальбута – канланг (constructed language), распрацаваны мной для “Сабакаў Эўропы”, 900-старонкавага рамана, які выйшаў пару месяцаў таму. На гэтай мове размаўляюць некаторыя пэрсанажы кнігі. У канцы “Сабакаў Эўропы” ёсьць граматыка і слоўнік, з дапамогай якіх можна разгадаць таямніцы тэксту. Адна з частак амаль цалкам напісаная на бальбуце – і бязь веданьня яе правілаў і лексікі зразумець раман немагчыма.
Але бальбута жыве і ў так званым рэальным сьвеце, па-за раманам – існуе суполка ў Фэйсбуку, што аб’ядноўвае каля паўсотні людзей, якія вывучаюць гэты дзіўны канланг. Калі ж улічыць колькасьць чытачоў, якія ўжо маюць кнігу – нас некалькі сотняў. Ёсьць паэты, які пішуць на бальбуце вершы, а сам я перакладаю на бальбуту паэзію Багдановіча, Коласа, Бродзкага…
Бальбута задуманая як мова свабоды, balbuta samutima. “Bu samoje!“ – “Будзь вольны(ая)!” – так вітаюцца на бальбуце.
Бальбута – гэта вельмі проста.
Дзесяць нескладаных правілаў, усяго два склоны і тры сотні словаў – і ты валодаеш таемнай і вельмі мілагучнай мовай са сваёй філязофіяй і сваімі прынцыпамі.
Бальбута – гэта гнуткая паэтычная мова. Маючы слоўнік, можна на ягонай аснове самому ствараць новыя словы. Адзін з галоўных прынцыпаў бальбуты – яе антыерархічнасьць. Бальбута робіць мысьленьне вальнейшым і пазбаўляе яго ад лішніх стэрэатыпаў.
Бальбута – гэта мастацтва.
Як кожнае мастацтва, яна мае свае межы.
Як кожнае мастацтва, яна існуе, каб іх перадольваць.
На ёй цікава ствараць вершы, зь яе і на яе цікава перакладаць.
У ліпені 2017 году бальбута была прэзэнтаваная як лінгвістычны праект у маім Літаратурным клюбе Альгерда Бахарэвіча.
Kvaj ida ne kvaj? Так або не?
Kvaj!