Адыгейская мова
Антон Сомин (Масква)
арганізатар Мінскага фестывалю моў,
навуковы супрацоўнік Школы актуальных гуманітарных даследаванняў РАНГіДС (ШАГИ РАНХиГС),
аспірант і выкладчык Інстытута лінгвістыкі РДГУ (РГГУ)
На здымку — праца ў экспедыцыі з носьбітам адыгейскай мовы
Ужо чатыры разы мне пашчасціла прымаць удзел у лінгвістычных экспедыцыях у Адыгею, дзе мы з калегамі даследавалі адыгейскую і кабардзіна-чаркескую мовы. І магу вас заверыць: яны проста ўражваюць!
Падчас гэтай прэзентацыі я распавяду вам пра адыгейскую мову.
Паспрабуйце ўявіць сабе мову,
- у якой на 56 (!) зычных гукаў прыходзіцца ўсяго толькі 3 галосныя, ды і тыя для беларускага вуха гучаць практычна аднолькава;
- кірылічны алфавіт якой больш чым у два разы аб'ёмнейшы за беларускі;
- у якой дзеясловы могуць змяняцца па склонах, а назоўнікі, прыметнікі і прыслоўі — па асобах, ладах і часах;
- у якой ва фразе «У лесе мядзведзь падараваў мне мёд» дзеяслоў падараваць будзе дапасоўвацца не толькі да мядзведзя, але і да мяне, да мёду і нават некаторым чынам да лесу;
- у якой для таго, каб сказаць «тое, што я змог вымусіць цябе перакуліцца», спатрэбіцца адно слова даўжынёй у школьную дошку;
- і якая захоўвае ў сябе яшчэ шмат іншых цудаў.
Уявілі? Цяпер вы маеце некаторае ўяўленне пра адыгейскую мову!
Няўжо вы ўсё яшчэ ў стане ўтрымацца ад бліжэйшага знаёмства з ёй?