Латышская і літоўская мовы
lit_present.JPG
Анжаліка Дубасава
кандыдат філалагічных навук, магістр лінгвістыкі (“балтыйскія мовы”), выкладчык літоўскай і латышскай моў у адукацыйным цэнтры “Фрактон”, член філалагічнай суполкі
http://philology.by/

Ці ведаеце вы, што:

  • зусім нядаўна (па лінгвістычных мерках) балтыйскіх моў было каля дзясятка, а зараз статус мовы маюць толькі дзве;
  • у маленькай Латвіі вылучаецца 512 гаворак (на прыкладна 1,7 млн носьбітаў, палова з якіх жыве ў Рызе);
    latv.jpg
  • у латышскай мове даўжыня галосных можа не толькі істотна змяніць лексічнае значэнне слова, але і рэгулярна перадае граматычныя значэнні (склону ў назоўніках, часу ў дзеясловах); у літоўскай мове падобныя ўласцівасці мае месца націску – варта не туды яго паставіць, і вы лёгка патрапіце ў іншае слова альбо, прынамсі, у іншае граматычнае значэнне;
  • у літоўскай мове дзеясловы маюць тры слоўнікавыя формы, і калі вы не ведаеце ўсіх трох, вы не можаце паўнавартасна дзеясловам карыстацца; скажам, калі вы ўмееце змяняць дзеяслоў у цяперашнім часе, гэта не дапаможа вам змяняць яго ў прошлым альбо ў будучым;
  • у латышскай мове спражэнне дзеяслова (г. зн. спосаб змянення па асобах і ліках) вызначаецца па колькасці складоў у асноўных формах і ніяк іначай;
  • у латышскага дзеяслова ёсць спецыяльны трыб для таго, каб передаць чужыя словы і адначасова падкрэсліць, што мы не ручаемся за дакладнасць і праўдзівасць гэтых слоў;
  • у літоўскага зваротнага дзеяслова з прыстаўкай паказальнік зваротнасці знаходзіцца паміж прыстаўкай і коранем (калі б так было ў беларускай мове, то, напрыклад, дзеяслоў “па-вітац-ца” выглядаў бы як “па-ца-вітаць”)?
    liet.jpg

На прэзентацыі я закрану частку гэтых асаблівасцяў, а таксама адкажу на пытанні:

  • Ці сапраўды літоўская мова – гэта “вельмі старажытная” індаеўрапейская мова, як пра гэта часта кажуць і пішуць?
  • Ці разумеюць адзін аднаго літоўцы і латышы, калі размаўляюць кожны на сваёй мове?

Мы абавязкова паслухаем, як гэтыя мовы гучаць, і нават вывучым колькі слоў. (Насамрэч, вы ўжо ведаеце масу балтыйскіх слоў, толькі пра гэта не падазраяце :)).

І, канешне, я раскажу, дзе і як у Мінску гэтыя мовы можна вывучыць.

Unless otherwise stated, the content of this page is licensed under Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 License