Ігар Кулікоў
паэт, перакладчык са старажытных моў
Санскрыт – гэта мова сьвятарнай ведавай традыцыі, адна з самых старажытных і прыгэтым жывых інда-эўрапейскіх моў. Арыгінальныя санскрыцкія тэксты даюць нам уяўленьне пра тое, якімі былі сьветагляд і сьвядомасьць традыцыйнага чалавека. Таму, вывучаючы санскрыт, мы таксама далучаемся да шматтысячагадовай ведавай спадчыны. Яе пачынальнікамі ўважаюцца рышы, продкі чалавецтва і першыя паэты. Зборнікі іх гімнаў цяпер называюцца Ведамі. Гэта самыя старажытныя творы на санскрыце й адны з самых старажытных у сьвеце, ім больш за тры тысячы гадоў. Перадача Ведаў брагманамі па памяці, распачатая ў глыбокай старажытнасьці, працягваецца дагэтуль.
Прыйшоўшы на прэзэнтацыю, вы даведаецеся
- хто і дзе займаецца санскрытам у Беларусі;
- як санскрыт называўся раней;
- як санскрыт вывучалі ў старажытнай Індыі і як ён вывучаецца цяпер;
- што агульнага паміж старажытнай граматыкай санскрыту й сучасным праграмаваньнем;
- колькі галосных ‘а’ ў санскрыце;
- што такое sumna і якімі санскрыцкімі словамі мы карыстаемся штодня;
- як санскрыт функцыянуе ў сучаснай Індыі.
Таксама вы зможаце
- пачуць найдаўжэйшае складанае слова ў сьвеце;
- вывучыць некалькі размоўных фразаў на санскрыце;
- навучыцца пісаць на дэванаґарі;
- паслухаць урыўкі зь Ведаў на мове арыгіналу ды ў перакладзе на беларускую мову.
Увага!
Завітаўшы на прэзэнтацыю, вы аўтаматычна трапляеце на прэзэнтацыю унікальнага беларускамоўнага падручніка санскрыту, напісанага на аснове старажытнай індыйскай граматыкі!