Беларуская мова вачыма замежніка
medium.jpg

Рубэн Бівальд
асьпірант і навуковы супрацоўнік у інстытуце для славістыкі Гісэнскага Ўніверсітэта ім. Юстуса Лібіга (Гісэн, Нямеччына)

Беларуская мова- гэта тая мова…:

- … якая ёсьць дзяржаўнай моваю той краіны, што ў Еўропе нікому не вядомая. (Гэта Расія? Гэта Польшча? Гэта хіба Савецкі Саюз?)

- … якую можна пісаць кірыліцай, беларускай лацініцай і нават беларускім арабскім пісьмом. (Насамрэч! Nasamreč! !نٔصٔمْرَڇ)

- … у якой ніхто ня мае патрэбы.

Ніхто ня мае патрэбы?! Неее, ёсьць людзі, якія такую патрэбу маюць!

Іх мала, але, яны ёсьць.

Яны ёсьць нават па-за межамі Беларусі! Часам бывае, што японка, чэх, аўстрыйка, славачка або немец знойдуць шлях у краіну пад белымі крыламі, менавіта з мэтай вывучыць гэтую рэдкую каштоўнасць сярод славянскіх моў.

Прыехаўшы, замежніку трэба прапрацаваць гару беларускай бюракратыі й забыцца на рускую мову. А калі ўсё зроблена як след, тады замежнік можа пачуваць сябе вельмі прыемна на новай радзіме: знаходзіць тутэйшых сябровак і сяброў; атрымліваць асалоду ад кухні розных краін суседзяў па гуртажытку і станавіцца вельмі вядомым і на факультэце, і ў СМІ Беларусі.

На гэткім грунце вучыць беларускую мову лёгка. Тут дапамагае немцам вывучыць яшчэ і такая мілая сэрцу лексіка: Па Беларусі можна ВАНДРАВАЦЬ, а па Мінску ШПАЦЫРАВАЦЬ, а дождж тут б'е па ДАХУ і ЦЭГЛЕ…

Праблемы бываюць толькі з асаблівасцямі беларускай мовы на ''-канне'': аканне, яканне, эканне, дзеканне, цеканне, гэканне і падобнае…

Але гэта ж не перашкода, каб гаварыць, таму давайце размаўляць па-беларуску!

Пока не указано иное, содержимое этой страницы распространяется по лицензии Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 License