Kарэйская мова

Юрась Кім
аспірант філалагічнага факультэта БДУ,
выкладчык і метадыст курсаў карэйскай мовы пры Асацыяцыі карэйцаў Беларусі



Карэя ад нас — за тысячы кіламетраў… і ўсё ж яна займае месца ў нашым паўсядзённым жыцці. Амаль у кожнага з нас ёсць рэч карэйскага брэнду. Карэйцы умеюць рабіць рэчы, і вялікія таксама: кожны другі карабель у свеце пабудаваны менавіта імі.

Карэйцы, як і мы, мірныя людзі, і таму прыдумалі тхэквандо — мастацтва хутка вырашаць канфлікты. Яны таксама вельмі любяць сабак і не чыняць ім крыўды (асабліва цяпер, калі ежы хапае кожнаму). Карэйцы — зацятыя вандроўнікі: іх можна спаткаць і ў Парыжы, і ў Нясвіжы. Аднак і самая ізаляваная дзяржава свету — таксама Карэя… толькі Паўночная.

Часам мы блытаем Кітай з Японіяй. Яшчэ часцей мы крыўдзім гэтым Карэю. Дый нічога, і нас, беларусаў, нярэдка блытаюць з нашымі суседзямі. Можна толькі здагадвацца, што здарылася бы з нашым народам, калі б лёс закінуў яго хаця б на два стагоддзі на памежжа Кітайскай і Японскай імперый… А карэйцы пратрымаліся цэлых 5000 гадоў — і так падняліся, што вялікія суседзі нават зайздросцяць. Як яны гэта здолелі? Вельмі проста: яны пранеслі сваю мову праз агонь, ваду і самурайскія мячы. Першае, што зрывалася з вуснаў немаўляткі, і апошняе, што выдыхаў разам з душою малады паўстанец, — гэта было карэйскае слова. Менавіта яно зачароўвае сёння мільёны гледачоў карэйскіх серыялаў, дзесяткі мільёнаў аматараў карэйскай папулярнай музыкі, і менавіта пад словы карэйскай песні скакалі на дыскатэках планеты Зямля далёкім летам 2012 года.

Цягам нашай сустрэчы вы

  • даведаецеся, чым карэйская пісьменнасць адрозніваецца ад кітайскай і японскай, і што робіць яе папулярнай у іншых краінах;
  • навучыцеся быць ветлівымі як карэйцы, у якіх павагу выражаюць не толькі да людзей, але і да іх рэчаў;
  • зразумееце, чаму карэйская мова так добра прыстасавана для спеваў, а разам з тым паспрабуеце мяўкаць і гаўкаць, як тое робяць карэйскія хатнія жывёлы…

Ну і канешне, мы абмяркуем, як карэйскія жэсты і манеры адрозніваюцца ад нашых і як пазбегнуць непаразуменняў… Шмат пра што трэба будзе распавесці, таму калі забуду — нагадайце!

УВАГА: На ўваходзе будзе строгі фэйс-кантроль. Прапускаць будзем толькі пры падабенстве з карэйцамі… валасы фарбаваць не трэба, а вось усмешка да вушэй — самае тое! :)

Пока не указано иное, содержимое этой страницы распространяется по лицензии Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 License