
Таццяна Анікеенка
выпускніца славянскага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ
Даўно-даўно ў далёкай-далёкай галактыцы сфарміравалася мова, імя якой — балгарская. Належала яна да слаўнай групы славянскіх моў і невядома, як склаўся б яе лёс, калі б у адзін чорны дзень тэрыторыю, дзе буяла і квітнела мова, не захапіла магутнае племя туркаў-іншаверцаў. Пяцьсот год трывала мова турэцкі гнёт, мужна трымаючы аблогу. Змагалася з навалай праверанымі сродкамі: кісламалочнай палачкай з прыгожай і амаль славянскай назвай Lactobacillus bulgaricus, супам з кіслага малака, агуркоў і часнаку, з не менш мілагучнай назвай Таратор, карагодамі, за якімі замацавалася імя Хоро, а таксама сіламі сваіх верных змагароў Габраўцаў.
І аднойчы напрыканцы 19 стагоддзя — бах! — апынулася, што пяць соцень год мінулі і балгарская мова зноў роўная сярод роўных. Але гэта была ўжо зусім не тая чыстакроўная славянка, што пяцьсот год таму. Як нам стала вядома з рассакрэчаных турэцкіх архіваў, у балгарскую мову былі ўкаранёныя шматлікія турэцкія шпіёны з атрадаў Суфіксаў і Лексем.
Але гэта «кветачкі» ў параўнанні з тым, што самастойна выспела ў мове за гэты працяглы час. Аб’ём балгарскай справы складае дваццаць сем тамоў, але да ўвагі слухачоў мы прапануем толькі самыя шакуючыя падрабязнасці:
- Што здарылася з Ъ, калі цяпер гэтая літара стала распачынаць словы?
- Як жыве мова без склонаў?
- Шок! У выніку вар’яцкіх моўных эксперыментаў некаторыя словы балгарскай мовы сталі муціраваць! (галоўныя героі — мостът, морето і столицата)
- Дзевяць часоў. Навошта?
- Як лёгкім рухам рукі дзевяць часоў ператвараюцца ў васямнаццаць? Невыказны пераказны лад.
- Як навучыцца сядзець на двух крэслах: славянскім і балканскага моўнага саюзу?
Мы паднялі архівы, атрымалі доступ да сакрэтных запісаў і цяпер гатовыя распавесці свету праўду пра балгарскую мову.
Ніякіх жартаў.
Ніякіх баніц.
Ніякага харо.
Усё занадта сур’ёзна.
Гэта павінен ведаць кожны. Чакаем вас.