Рубэн Бівальд (Дрэздэн/Мінск)
магістрант філалагычнага факультэта БДУ / факультэта мовазнаўства, літаратуразнаўства і культуралогіі ТУД
На фотаздымку — у Брэсце
Беларуская мова — гэта тая мова…:
- … якая ёсць дзяржаўнай моваю той краіны, што ў Еўропе нікому не вядомая. (Гэта Расія? Гэта Польшча? Гэта хіба Савецкі Саюз?)
- … якую можна пісаць кірыліцай, беларускай лацініцай і нават беларускім арабскім пісьмом. (Насамрэч! Nasamreč! !نٔصٔمْرَڇ)
- … у якой ніхто не мае патрэбы.
Ніхто не мае патрэбы?! Неее, ёсць людзі, якія такую патрэбу маюць!
Іх мала, але яны ёсць.
Яны ёсць нават па-за межамі Беларусі! Часам бывае, што японка, чэх, аўстрыец, славак або немец знойдуць шлях у краіну пад белымі крыламі, менавіта з мэтай вывучыць гэтую рэдкую каштоўнасць сярод іншых моў.
Прыехаўшы, замежніку трэба прапрацаваць гару беларускай бюракратыі, забыцца на рускую мову (і пры гэтым не пачаць гаварыць на такой ''замежнай трасянцы''…) і пасябраваць са стосам банкнотаў, якія атрымліваеш пры штотыднёвых пакупках.
А калі ўсё зроблена як след, тады замежнік можа пачуваць сябе вельмі прыемна на новай радзіме: знаходзіць тутэйшых сяброў (— акрамя банкнотаў!); атрымліваць асалоду ад кухні розных краін суседзяў па гуртажытку і станавіцца вельмі вядомым і на факультэце, і ў СМІ Беларусі.
На гэткім грунце вучыць беларускую мову лёгка. Тут дапамагае немцам вывучыць яшчэ і такая мілая сэрцу лексіка: Па Беларусі можна ВАНДРАВАЦЬ, а па Мінску ШПАЦЫРАВАЦЬ, дождж тут б'е па ДАХУ і ЦЭГЛЕ, а дзяўчаты ФАРБУЮЦЦА…
Праблемы бываюць толькі з асаблівасцямі беларускай мовы на ''-канне'': аканне, яканне, эканне, дзеканне, цеканне, гэканне і падобнае…
Але гэта ж не перашкода, каб гаварыць, таму давайце размаўляць па-беларуску!