Любоў Падпорынава
паланіст, выкладчык Кафедры Тэарэтычнага і Славянскага Мовазнаўства БДУ, Польскага Інстытуту ў Мінску, перакладчык
Dobry! Szczynść Boże, kamraty!
Сёлета я хачу падзяліцца з вамі адным з самых чароўных адкрыццяў у маім жыцці.
Гэта сілезская мова. Ці сілезскі дыялект? Этналект? Давайце спынімся на самым што ні ёсць аўтэнтычным тэрміне ślůnsko godka.
Наўрад ці я змагу даць адказ на пытанне, які статус варта надаць ślůnskij godce. Бо я ж gorol, а гэта значыць, не-сілезец. Што я магу вырашаць? Я магу толькі захапляцца.
Гісторыяй Сілезіі і яе стыхійна гераічных і цягавітых жыхароў.
Абшарам, на якой спрадвеку зараблялі на жыццё самай што ні ёсць небяспечнай справай – шахцёрскай – і ў якім спадзяванне на вышэйшыя сілы настолькі першасна-глыбокае, што з-пад зямлі, куды цябе, дылетанта, звадзілі на экскурсію, выходзіш задумлівы і суцішаны.
Захапляцца сілезскімі краявідамі і іх музыкай (абяцаю самую прыгожую ў свеце калыханку!).
А ślůnsko godka для Ślůnzoków гэтаксама дарагая, як гонар шахцёра, як уласная зямля, як вуліцы родных Katowic, Myslowic ці Důmbrowy Gůrńičyj. Так-так, ślůnsko godka сёння – гэта, у першую чаргу, гарадская з’ява. З усім “гарадскімі штучкамі”, як то рэклама банку ці хіпстэрскае адзенне.
Якія мовы добра ведць, каб зразумець сілезскую фанетыку?
А што прыдасца ў лексіцы?
Хто такія bajtle і чаму яны сустракаюцца там, дзе ёсць klopsztanga, хто жыве ў familoku і як часта сілезцы наведваюць tyjater?
Чым лепей ездзіць: cugiem czy sznelcugiem, а можа fligrem альбо ałtem, na kole ці moplikym?
Мы самі будзем складаць свае першыя сказы па-сілезску – і паступова станецца відавочным, чаму гэта gryfne – што мы gŏdōmy po ślōnsku.
Sproszom!