Павел Рааго
выкладчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ
Dobrý deň, milí priatelia. Добры дзень, дарагія сябры.
Для большасці беларусаў Славакія — гэта белая пляма на мапе Еўропы, краіна «ў цені» суседкі Чэхіі. Гарналыжныя курорты, хакей, Браціслава — вось, відаць, і ўсе асацыяцыі, якія выклікае гэта маленькая цэнтральнаеўрапейская краіна ў чалавека, які там ніколі не быў. Але ж гэта яшчэ і зямля старажытных замкаў, неапісальнай прыгажосці гор, тысяч гаючых мінеральных крыніц і, канешне, спеўнай славацкай мовы. Мовы, такой блізкай да нашай як гучаннем, так і сваім гістарычным лёсам.
Завітайце на маю прэзентацыю, і вы даведаецеся:
- чаму славацкую мову называюць «славянскім эсперанта»;
- што агульнага паміж славацкай мовай і Папялушкай, або як выжыць мове пад чужым панаваннем;
- чаму палешукам прасцей вывучаць славацкую, чым астатнім беларусам;
- ці можа мова спрыяць палавой няроўнасці;
- як чытаць словы і цэлыя сказы без галосных гукаў;
- чаму славакі заўсёды ядуць чорствы хлеб, а ў краіне так шмат балванаў;
- а таксама яшчэ шмат усяго цікавага пра мову, якая разам з польскай займае трэцяе месца па ступені блізкасці да беларускай…
Акрамя таго, вы навучыцеся, як павітацца і развітацца адным словам, і атрымаеце невялікія падарункі, што дапамогуць вам зрабіць першыя крокі на шляху ў такі цікавы і захапляльны свет славацкай мовы.