Што такое Фестываль моў?
Фестываль моў — гэта культурна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае мовам і мовазнаўству і арыентаванае на шырокую аўдыторыю. У Мінску першы Фестываль моў прайшоў 31 сакавіка 2013 года, а бліжэйшы пройдзе 31 сакавіка 2019 года.
На працягу аднаго дня наведвальнікаў Фестывалю чакаюць аповеды пра 50 розных моў свету — старажытных і сучасных, рэдкіх і распаўсюджаных, а таксама 15 захапляльных навукова-папулярных лекцый на лінгвістычную тэматыку, 5 цікавых лекцый па беларусістыцы, а таксама моўныя клубы і практыкі.
Аснову Фестывалю складаюць прэзентацыі моў. Прэзентацыя кожнай мовы — гэта захапляльная міні-лекцыя працягласцю 45 хвілін, падчас якой прэзентатар (спецыяліст па пэўнай мове) падзеліцца са слухачамі самымі цікавымі фактамі пра гэтую мову.
Прэзентацыі моў размеркаваны па паралелях: у кожнай паралелі адначасова адбываюцца 17 прэзентацый у розных аўдыторыях, так што наведвальнік заўжды мае магчымасць выбраць, на прадстаўленне якой мовы пайсці. Агульным лікам паралеляў 6, і, такім чынам, за дзень Фестывалю кожны можа пазнаёміцца з 6 мовамі. Выбар досыць складаны, але каб яго палегчыць, падчас адкрыцця Фестывалю прэзентатары зробяць кароткія анонсы ўсіх расповедаў (анонсы можна прачытаць яшчэ і на старонцы Мовы і лекцыі; гл. таксама расклад на старонцы Дзе і калі).
Пачнецца Фестываль а 10:00 і будзе доўжыцца ўвесь дзень — да 19:00 (зразумела, можна браць удзел толькі у частцы праграмы: сысці раней ці прыйсці пазней).
УВАХОД ВОЛЬНЫ!
На Фестывалі вы зможаце:
- пазнаёміцца з мовамі, пра якія раней нічога не ведалі;
- больш даведацца пра мовы, якія вас даўно цікавяць;
- вырашыць, якую мову вам хацелася б вывучаць;
- ізноў захапіцца ўжо вядомымі мовамі;
- падзівіцца разнастайнасці і адметнасці моў нашай планеты;
- і шмат чаго яшчэ!
На якой мове праходзіць Фестываль?
Прэзентатары самі выбіраюць, на якой мове распавядаць. Але можам абяцаць, что будзе пэўная колькасць прэзентацый не толькі на рускай, але і на беларускай мове.
Хто будзе распавядаць пра мовы?
Прэзентатары Мінскага фестывалю моў — студэнты, аспіранты і выкладчыкі філалагічнага факультэта і факультэта міжнародных адносін БДУ і розных факультэтаў МДЛУ, студэнты і выкладчыкі Інстытута лінгвістыкі РДГУ і Школы лінгвістыкі НДУ ВШЭ (Масква), а таксама лінгвісты і спецыялісты па розных мовах з Мінска, Масквы і іншых гарадоў.
Прыходзьце самі і запрашайце сяброў!
Мы будзем удзячныя вам за як максімальнае распаўсюджанне інфармацыі пра Фестываль, спасылак на сайт, суполку"УКантакце" і суполку ў Фэйсбуку, размяшчэнне афіш і раздачу ўлётак.
Гісторыя і сучаснасць Фестываляў моў
Першы Фестываль моў у Мінску прайшоў 31 сакавіка 2013 года і адразу ж сабраў больш за 350 наведвальнікаў. На Фестывалі былі прадстаўленыя 35 моў і 7 лінгвістычных лекцый, а таксама прайшлі моўная гульня «Капялюш» і мультымоўны лінгваканцэрт. Стваральнікамі I Мінскага фестывалю моў сталі на той час аспірант Інстытута лінгвістыкі РДГУ (РГГУ) (Масква) Антон Сомін, які нарадзіўся і вырас у Мінску, і магістрантка філалагічнага факультэта БДУ Ірына Пінхасік. Фестываль быў арганізаваны супольна з філалагічным факультэтам БДУ.
А першы ў свеце Фестываль моў быў праведзены ў 1995 годзе ва Францыі (г. Тур), яго арганізаваў амерыканскі лінгвіст і грамадскі дзеяч эсперантыст Дэніс Кіф. Ужо ў наступным годзе падобным жа чынам быў арганізаваны першы расійскі Фестываль моў у Чэбаксарах.
На трэцім Мінскім фестывалі, які прайшоў 29 сакавіка 2015 года, ужо было каля 750 чалавек — больш чым у два разы больш, чым на 1-м Фестывалі, і былі прадстаўленыя 50 моў, 10 лекцый і 3 мерапрыемствы іншага фармату, а таксама канцэрт гурта «Нагуаль» на закрыцці. Апошні ж на сённяшні дзень Фестываль, пяты, які адбыўся 26 сакавіка 2017 года, сабраў тысячц гасцей і стаў найбуйнейшым Фестывалем моў у СНД.
На сённяшні дзень Фестывалі рознага маштабу праводзіліся ў шэрагу краін свету: ЗША, Венесуэле, Бельгіі, Швецыі, Малдове, Расіі… Найбуйнейшым Фестывалем моў адразу стаў першы кітайскі Фестываль, які прайшоў у 2008 годзе ва ўніверсітэце Нанкіна: за два дні ў ім прыняло ўдзел больш за 13000 наведвальнікаў. У Расіі ж па інфармацыйнай насычанасці на першым месцы стаіць маскоўскі Фестываль: падчас XII Маскоўскага міжнароднага фестывалю моў, які прайшоў 10 снежня 2017 года ў Цэнтры педагагічнага майстэрства, былі прадстаўленыя 59 моў, 20 лінгвістычных лекцый, 15 «практык», 5 мерапрыемстваў іншага фармату, а таксама 5 мерапрыемстваў у рамках «дзіцячай пляцоўкі». Акрамя Масквы і Чэбаксар, Фестывалі моў рэгулярна адбываюцца ў Санкт-Пецярбургу, Пярмі, у тым ліку асобны Школьны фестываль моў, Вялікім Ноўгарадзе, Навасібірску і іншых гарадах Расіі.