26 сакавіка 2017 года мы адсвяткавалі першы юбілей: адбыўся V Мінскі фестываль моў! А найлепшым падарункам для нас стала колькасць гасцей: у гэтым годзе яна ўпершыню перайшла за тысячу!
На V Фестывалі былі прадстаўленыя 55 моў, прайшлі 8 лінгвістычных лекцый, 5 лекцый у блоку беларусістыкі, а таксама 6 мерапрыемстваў іншага фармату.
У гэтым годзе на юбілейны Фестываль прыехала шмат спецыялістаў з Масквы. Некаторыя з іх — палявыя лінгвісты, якія даследуюць мовы ў экспедыцыях, працуючы з іх носьбітамі. Так, магістранткі Школы лінгвістыкі НДУ ВШЭ Аляксандра Кажухар і Лізавета Вастокава правялі некалькі месяцаў з індзейцамі Гватэмалы, вывучаючы іх мову какчыкель, — пра якую і распавялі сваім слухачам. Студэнтка Інстытута лінгвістыкі РДГУ Яўгенія Клягіна распавяла пра хваршынскую мову, якую яна даследавала ў Дагестане, а студэнтка МДУ Кацярына Новікава — пра горнамарыйскую мову, з носьбітамі якой яна працавала ў рэспубліцы Марый Эл ў Расіі.
Сярод іншых навінак гэтага года — прэзентацыі сілезскай (Польшча), мангольскай і інданэзійскай моў, мовы гептаподаў з фільма «Прыбыццё», а таксама англійскіх і французскіх дыялектаў. А самай старажытнай мовай з прадстаўленых на Фестывалі стала праславянская, на якой размаўлялі 1,5-3 тысячы гадоў таму.
Акрамя таго, на V Фестывалі значна пашырылася практычная частка: у раскладзе з'явіліся майстар-класы па навагрэцкай мове, «Как стать рок-звездой в изучении иностранных языков», «Как учить несколько иностранных языков одновременно», «Міжкультурнае навучанне праз камунікатыўныя гульні» і іншыя; прайшлі лекцыі пра пераклад класічнай літаратуры на беларускую мову, пра лінгвістычнае прагназаванне, пра нейралінгвістыку і яшчэ больш за дзясятак іншых.
Дарэчы, менавіта лекцыя пра нейралінгвістыку з прывабнай назвай «Как быть лингвистом и копаться в чужих мозгах», стала самым папулярным мерапрыемствам Фестывалю: яе двойчы прачытаў маскоўскі студэнт Мікіта Зманоўскі, і ў суме яе паслухалі больш за 250 чалавек. А з моў больш за ўсё зацікавілі мінчан іспанская мова Мікіты Моніча (215 чалавек за два разы), мовы Толкіна Кузьмы Смірнова (145 чалавек на адной лекцыі) і мова гептаподаў Аляксандра Піперскага (108 чалавек за адзін раз).
У спісе найлепшых выступленняў па выніках галасавання гледачоў новых імёнаў не аказалася. Найлепшай прэзентацыяй, як і на II Фестывалі, стала сербская мова Юліі Галяк (4,0 балы з 4 магчымых). Далей размясціліся леташняя пераможца — руская як замежная Людмілы Моніч (3,94) і арабская кіраўніка Фестывалю Антона Соміна (3,90). Таксама госці Фестывалю высока ацанілі польскі размоўны клуб Любові Падпорынавай (3,91), лекцыю Легенды і гісторыі старога Менска Паўла Дзюсекава (3,85) і прэзентацыю славацкай мовы Паўла Раага (3,85).
Інфармацыя пра IV Мінскі фестываль моў:
Мовы і лекцыі
Арганізатары
Афішы
Фотаздымкі