Архіў: IV Мінскі фестываль моў

IV Мінскі фестываль моў прайшоў 27 сакавіка 2016 г.

У гэтым годзе на Фестывалі былі прадстаўленыя 46 моў, прайшлі 6 лінгвістычных лекцый, 4 лекцыі ў блоку беларусістыкі, а таксама 4 мерапрыемствы іншага фармату. Упершыню адбыліся прэзентацыі гэльскай, старажытнарускай, кантонскай, кашубскай , рускай як замежнай, старабеларускай і татарскай моў, а таксама мовы кумаёні і рускіх дыялектаў.
Акрамя таго, мы ўпершыню арганізавалі гутарковы клуб. Гэта быў польскі клуб пад кіраўніцтвам нашага нязменнага прэзентатара польскай мовы Любові Падпорынавай. Ён цягнуўся цэлых два блокі і аказаўся найлепшым мерапрыемствам усяго Фестывалю, атрымаўшы 4,00 балы з 4 магчымых паводле адзнак гасцей!
Таксама ў наведвальнікаў IV Фестывалю была магчымасць пазнаёміцца ​​з лінгвістычнымі задачамі і незвычайным музычным інструментам хангам.

Як звычайна, колькасць гасцей ізноў павялічылася. У гэтым годзе Фестываль наведалі больш за 900 чалавек!

Вынікі галасавання гледачоў шмат у чым паўтараюць папярэднія гады. Найлепшай прэзентацыяй стала турэцкая мова Людмілы Моніч, якая набрала сярэдні бал у 3,996 з 4 максімальна магчымых; гэтая прэзентацыя ўжо займала другое месца на II Фестывалі. Акрамя таго, і новая прэзентацыя Людмілы Моніч — руская мова як замежная — аказалася высока ацэненая гасцямі: яна набрала 3,87 і заняла 4-е месца. Ужо чацвёрты год запар у пяцёрцы найлепшых аказваецца і муж Людмілы — Мікіта Моніч, прэс-сакратар і адзін з асноўных арганізатараў Фестывалю: яго прэзентацыя іспанскай мовы заняла 3-е месца, набраўшы 3,91 .
Ледзь-ледзь саступіў першаму месцу Сяргей Самахвал, які выступаў у гэтым годзе з прэзентацыяй балгарскай мовы: 3,986 і 2-е месца. Нарэшце, на 5-м месцы апынулася японская мова Акіры Фурусавы (3,87), паўтарыўшая леташні вынік.
Найлепшай лекцыяй была прызнана лекцыя «Менск на старых фотаздымках» Паўла Дзюсекава (3,85) з блоку беларусістыкі, а найлепшай лінгвістычнай лекцыяй стала «Как мы друг к другу обращаемся» кіраўніка Фестывалю Антона Соміна (3,72) — і ён ужо трэці год запар становіцца аўтарам найлепшай лінгвістычнай лекцыі.
З новых моў, акрамя рускай як замежнай, у топ-10 таксама аказаліся кашубская Любові Падпорынавай (6-е месца, 3,74), кумаёні Яўгеніі Ранкоўскай (9-е месца, 3,68) і татарская Міляўшы Юсупавай (10-е месца, 3,67).

Колькасныя перавагі таксама паўтараюць вынікі мінулых гадоў. Апошнія два гады з мінімальным разрывам саступаючы першае месца японскай мове Акіры Фурусавы, іспанская мова Мікіты Моніча паўтарыла поспех I Фестывалю і зноў апынулася на першым месцы (164 слухача за два блокі), а японская мова, адпаведна, сабрала 151 чалавека. Нечакана папулярнай аказалася грузінская мова Торніке Берыдзэ: 101 чалавек за два блокі — магчыма, справа ў цудоўнай грузінскай калыханцы, якую Торніке праспяваў свайму дзіцяці на адкрыцці Фестывалю. Следам размясціліся кітайская мова Марыі Аксючыц, арабская мова Антона Соміна і старабеларуская мова ў выкананні куратара валанцёраў Фестывалю Марыі Бадзей (88, 86 і 84 чалавекі за два блокі адпаведна). А самай папулярнай лекцыяй апынулася «Между значением и переводом слова» Міраслава Мілова — 62 слухачы адначасова.

Інфармацыя пра IV Мінскі фестываль моў:
Мовы і лекцыі
Дзе, калі і як
Арганізатары
Прэс-рэлізы і афішы

Фотаздымкі

Пока не указано иное, содержимое этой страницы распространяется по лицензии Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 License